"Яна была больш наша, чым жыхарка далёкага ад нас Альбіёну..."
22 снежня ў Лондане памерла Вера Рыч (Vera Rich) -- славутая англійская перакладчыца беларускай літаратуры, паэтэса і журналістка, рэдактар, навуковец, сябра Англа-беларускага таварыства і Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, вялікая прыяцелька Беларусі і беларусаў.
Гэтая балюча навіна з Лондана кранула сэрцы вельмі многіх людзей у Беларусі. Не толькі літаратараў, але і тых, хто чытае, хто жыве беларускай літаратурай. Тых, для каго Вера назаўсёды застанецца адным з вельмі яскравых увасабленняў бязмежнай любові да Беларусі.
*
Нарадзілася Вера Рыч 24 красавіка 1936 г. у Лондане, яе род вядомы з ХІ стагоддзя. Быўшы яшчэ школьніцай, у 1953 г. патрапіла на богаслужэнне ў беларускую уніяцкую царкву на Мар’янхаўз, стала прыхажанкай. Член кангрэгацыі беларускай уніяцкай царквы, да апошняга часу спявала ў царкоўным хоры. Скончыла Оксфардскі універсітэт, дзе спецыялізавалася ў англійскай мове (1958). Член Каралеўскага Інстытута міжнародных спраў Вялікабрытаніі. Беларускую мову пачала вучыць пры дапамозе беларускага эмігранта Дамініка Аніські, з якім чытала беларускі буквар. У 20-гадовым узросце атрымала прапанову перакладаць украінскую паэзію, пазней – беларускую. З 1960-х гг. займалася перакладамі з беларускай літаратуры. Першы перакладзены твор з беларускай літаратуры – верш Янкі Купалы “Брату ў чужыне”. У 1962 г. публічна чытала свае пераклады з Янкі Купалы на вечарыне ў Брадфардзе, прысвечанай 20-м угодкам з дня смерці паэта. На замову ЮНЕСКА пераклала зборнік “Як вада, як агонь. Анталогія беларускай паэзіі з 1828 г. да сённяшняга дня” (Like Water, Like Fire, 1971), да якога таксама напісала прадмову. Сваё захапленне беларускай літаратурай перадала сваёй маці, якая таксама вывучыла беларускую мову.
Пераклала асобныя творы М.Багдановіча, З.Бядулі, А.Гаруна (апублікаваны разам з арыгіналамі ў кнізе “Снуецца зданяў рой” (The Images Swarm Free, 1982).
У 1992–1993 гг. з уласнай ініцыятывы была ўласнай карэспандэнткай у Лондане газеты “Літаратура і мастацтва”, на старонках якой надрукавала шэраг артыкулаў.
Зрабіла пераклады драматызаванай версіі кнігі “След чорнага ветру: вачыма дзяцей”, пастаноўка якой была здзейснена ў 1996 г. у Абердзіне (Шатландыя) маладзёжнымі тэатральнымі трупамі з Абердзіна, Гомеля і Клермон-Ферана (Францыя).
Пераклала паэму “Тарас на Парнасе” і ўсе санеты Янкі Купалы. Аўтар шматлікіх артыкулаў пра беларускую літаратуру, пра Беларусь, у тым ліку пра Чарнобыль, беларускія матывы ў нарвежскіх сагах і інш. Ад імя Каралеўскага інстытута па міжнародных справах удзельнічала ў першай міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай праблемам Чарнобыля (жнівень 1986), спрыяла ўсталяванню кантактаў паміж беларускімі і брытанскімі спецыялістамі. Напісала грунтоўную працу пра вобраз яўрэя ў беларускай літаратуры (1985). Перакладала таксама са стараанглійскай, старанарвежскай, польскай, рускай, украінскай моў. Яе перакладам уласцівы багаты, плаўны стыль, набліжанасць да зместу арыгіналу. Брала актыўны ўдзел у рабоце Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі.
Вершы пачала пісаць у 10-гадовым узросце, публікаваць – у 15 гадоў. Апублікавала тры кнігі арыгінальных вершаў – Outlines (Абрысы), Portents and Images (Прадвесці і вобразы), Heritage of Dreams (Спадчына мараў). Ужо ў першы зборнік 1960 г. быў уключаны пераклад з “Сымона-музыкі” Якуба Коласа. Напісала шэраг вершаў пра Беларусь: On the anniversary of the Slutsk uprising (Да ўгодкаў Слуцкага паўстання), Enigma (Загадка) і Recipe for a Miracle (Рэцэпт цуду). Некаторыя вершы Веры Рыч пераклалі на беларускую мову Вольга Іпатава, В.Рыбакоў, Уладзімір Палупанаў, Ірына Багдановіч.
Пераклала шэраг навуковых прац з рускай, польскай і ўкраінскай моў. Чытала лекцыі па славянскіх літаратурах ва універсітэце Бірмінгема і ў літаратурных таварыствах у Лондане, Эдынбургу, Мюнхене, Утрэхце і Парыжы. У 1962 г. заснавала паэтычны часопіс Manifold (Шматстайнасць), які выдавала да 1969 г. У 1998 г. аднавіла выданне, у якім надрукавала нямала перакладаў з беларускай літаратуры (асабліва Н.Арсенневай), а таксама пераклад з іспанскай твора Карласа Шэрмана. Актыўна супрацоўнічала з часопісам Index on Censorship, на старонках якога папулярызавала беларускую літаратуру. Першы замежны член Беларускага Пэн-Цэнтра.
У 1970-я і 1980-я гады шмат займалася правамі чалавека (дзейнасць супраць выкарыстання псіхіятрыі ў палітычных мэтах) і рухамі за дэмакратыю ў СССР і Польшчы і Венгрыі. За часамі сацыялізму пісала для польскага падпольнага друку. Удзельнічала ў экалагічным руху.
Упершыню наведала Беларусь у 1991 годзе, і з таго часу, асабліва ў 1990-я гг., бывала ў Беларусі штогод або два разы на год. Удзельніца Першага з’езда беларусаў свету і І–ІІІ кангрэсаў беларусістаў. На беларускіх навуковых форумах выступала з дакладамі “Беларусь у старажытнаісландскіх сагах”, “Беларуская эмігранцкая паэзія 1945–1990 гг.” і інш.
*
Генадзь Бураўкін на сумную вестку адгукнуўся такімі словамі: “Кожны перакладчык – гэта шчодры чалавек, бо ён дзеліцца сваім талентам з іншымі людзьмі. Яна была шчодрым чалавекам і ў гэтым сэнсе, і ў чалавечых, нават пабытовых адносінах. Вера была чалавекам вельмі шчырым. Як паводле майго ўяўлення, дык яна была больш наша, чым жыхарка далёкага ад нас Альбіёну. І таму згадваючы яе, яе мілае аблічча, усё тое, што зрабіла яна, я веру, што ў лепшы свет яна без сумневу возьме нашу вечную ўдзячнасць і нашу вечную памяць аб ёй”.
Гл.таксама інтэрв’ю з Верай Рыч Галіны Дубянецкай
http://www.dziejaslou.by/inter/dzeja/dzeja.nsf/htmlpage/dub33?OpenDocument

