Валодзіна, Т. Цела чалавек; слова, міф, рытуал. Мінск: Тэхналогія, 2009. 424 с.
Кніга прысвечана народнай анатоміі і медыцыне як арганічным часткам традыцыйнай духоўнай культуры беларусаў. Прапаноўваецца этнакультурны партрэт цела, які разгортваецца на матэрыялах звычаяў, павер’яў, каляндарных і сямейных абрадаў, песень, казак, малых фальклорных жанраў. Асаблівая ўвага надаецца фразеалагізмам з кампанентам-саматызмам, аналізаванне якіх праводзіцца на агульнаславянскім фоне. Кніга складаецца з трох асноўных частак, якія абагульнена можна прадставіць як Цела – Болькі – Лекі. Першы раздзел дэманструе цела як сістэму ўсіх яго органаў і частак, другі прысвечаны целу хвораму і канцэптуалізацыі хваробы ў цэлым, у трэцім апавядаецца пра асноўныя стратэгіі рытуальна-магічнага лекавання. У кнізе шырока скарыстоўваюцца экспедыцыйныя матэрыялы апошніх гадоў.
Прызначана для фалькларыстаў, этнолагаў, этналінгвістаў, фразеолагаў, а таксама для ўсіх, каму цікавая традыцыйная духоўная культура беларусаў.

