Янка Запруднік (да 1946 г. Сяргей Вільчыцкі) – вядомы грамадска-палітычны дзеяч беларускай эміграцыі, гісторык, палітолаг, літаратар – адзначыў паважаны юбілей. Толькі няпоўныя ягоныя 18 гадоў прайшлі на Бацькаўшчыне, а затым давялося жыць у Нямеччыне, Вялікабрытаніі, Бельгіі, ЗША. У Злучаных Штатах Амерыкі ён і цяпер займаецца навуковай працай. Аглядаючы немалы пройдзены шлях, варта адзначыць, што менавіта з Бацькаўшчынай звязаны ягоныя надзеі, спадзяванні, трывогі, Радзіме скіравана яго разнастайная дзейнасць. Пражыўшы шмат гадоў у эміграцыі, Янка Запруднік у сваёй мемуарна-дакументальнай кнізе “Дванаццатка” (Нью-Йорк, 2002) зрабіў пранікнёнае, выпакутаванае прызнанне аб лучнасці з роднай зямлёй, Бацькаўшчынай: “Пакідаючы гэты маленькі свой сьвет, я йшчэ не ўсьведамляў ягонае вялікае сілы – ня думаў, якімі трывушчымі ў памяці акажуцца ягоныя адбіткі, якім салодкім рэхам ён будзе адгукацца на дарогах чужыны, якім лекам ён станецца для хворае душы ў цяжкія часіны ростані, ды ў якую шчодрую крыніцу ён абернецца для новых пачуцьцяў, перакананьняў, намераў і зьдзяйсьненьняў”.